На нарадзе, прысвечанай адукацыі, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў школьныя падручнікі. Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пайшоў далей — ён абурыўся колькасцю англійскай мовы ў школах, а таксама факультатывам. Сюжэт пра гэта паказалі ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ.
«Па шэрагу класаў колькасць гадзін на вывучэнне англійскай мовы большая ў сукупнасці, чым на вывучэнне беларускай і рускай моваў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду? А ў нас вось 3-і клас англійская мова значна большая, чым у сукупнасці руская і беларуская, тады ўзнікае пытанне з пункту гледжання падыходаў па арганізацыі навучальнага працэсу», — заявіў Швед.
Яго абурэнне выклікаў таксама факультатыў «Абаронцы беларускай зямлі», у межах якога разглядаецца дзейнасць Арміі Краёвай.
«Гэта ўсё праз прызму навучальных дапаможнікаў для 10−11 класаў. Вывучаецца дзейнасць Арміі Краёвай, звяртаю ўвагу, гэта 23-ы год, у рамках тэмы партызанскага і падпольнага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыў генпракурор.
Раней ён таксама выказаўся наконт падручнікаў. На яго думку, «адчуванне складваецца, што людзі зарабляюць на гэтым грошы, бо ствараюць так званыя навучальныя дапаможнікі».