З 2020 года з Беларусі з’ехалі дзясяткі тысяч чалавек. Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў агучыў лічбу ў 350 тысяч. Наколькі дакладныя яго звесткі, невядома. Але відавочна, што беларусаў, якія пакінулі радзіму, вельмі шмат. Усім гэтым людзям даводзіцца адаптавацца да новага жыцця за мяжой: вучыць мову, сутыкацца з невядомай культурай і незразумелым менталітэтам. Складанасці, якія ўзнікаюць у працэсе гэтай адаптацыі, псіхолагі называюць крызісам міграцыі або сіндромам Уліса. Як ён праяўляецца і што рабіць, каб унікнуць крызісу? Пачытайце меркаванне вядомага валейбаліста Артура Удрыса, які пагуляў у дзесяці розных краінах і сумяшчае спорт з працай псіхолагам.
Гэты сіндром быў апісаны ў 2002 годзе іспанскім псіхіятрам Хасэбам Ачатэгі і названы так у гонар героя старажытнагрэцкага эпасу «Адысея», які на лаціне вядомы як Уліс. З прычыны Траянскай вайны ён быў вымушаны пакінуць радзіму, а потым дзесяць гадоў бадзяцца па морах і царстве мёртвых. За гэты час ён набыў рысы пакутніка, што пастаянна сумуе па доме.
Строга кажучы, сіндром Уліса не класіфікуецца як хвароба. Гэта натуральная рэакцыя здаровага чалавека на пераезд. Любы пераезд — гэта стрэс, а вымушаны пераезд — псіхалагічная траўма. Вы трапляеце ў невядомае асяроддзе. Новае атачэнне, часта новая праца, новая мова — гэта ўсё правакуе трывогу і дадатковы стрэс.
Фактары, якія павялічваюць рызыку развіцця гэтага сіндрому, называюць «стрэсарамі Уліса». Іх можна падзяліць на тры катэгорыі:
- Адзінота. Выяўляецца ў вымушанай ізаляцыі, асабліва калі мігрант не ведае мовы і яму давялося пакінуць сям’ю на радзіме.
- Правал міграцыйных мэтаў. Выяўляецца ў бяссіллі. Напрыклад, праз немагчымасць легалізацыі ці зарабляння грошай на новым месцы.
- Небяспека падарожжа. Страх магчымага затрымання на мяжы, а таксама дэпартацыі пры парушэнні мясцовых законаў.
Сіндром Уліса можа праяўляцца па-рознаму і мае як псіхалагічныя, так і фізіялагічныя сімптомы. Сюды адносяцца бяссілле, пастаянная трывога, стомленасць, бессань, мігрэні, павялічанае спажыванне тытуню і алкаголю, неўрастэнія, зніжэнне самаацэнкі і прадукцыйнасці.
Каб знізіць імавернасць узнікнення гэтага сіндрому, псіхолагі даюць шэраг рэкамендацый. Я б адзначыў наступныя ключавыя моманты, падмацаваныя ўласным досведам:
1. Будзьце ўпэўненыя, што хочаце ці вам трэба пераехаць. На фоне сяброў і знаёмых можна лёгка з’ехаць за кампанію, маўляў, «усе пабеглі, і я пабег». Але ў гэтым выпадку сіндром Уліса разаўецца з большай імавернасцю, а вы ўвесь час будзеце мучыцца сумневамі: «Можа, я дарма ўсё гэта задумаў, і там было не так ужо і дрэнна?» Таму перад прыняццем рашэння наконт пераезду ўзважце ўсе «за» і «супраць».
2. Трэба разумець, што ідэальнай краіны не існуе. Вы напэўна захочаце знайсці месца, дзе будуць нізкія цэны, прыемныя людзі і высокі ўзровень жыцця. Але абсалютна ва ўсіх краінах ёсць плюсы і мінусы. Чым раней вы зразумееце, што жыць можна ўсюды, тым хутчэй пачняце ўладкоўвацца.
3. Асцерагайцеся часовых рашэнняў. Вы можаце думаць: «Пакуль тут, а там паглядзім», «Пажывём — пабачым», — і не асталёўвацца на новым месцы надоўга. Для многіх беларусаў прыняць рашэнне замацавацца ў новай краіне псіхалагічна цяжка — маўляў, «раз я так вырашыў, то пакінуў барацьбу і надзею на змены ў Беларусі, я здаўся».
Аднак з пункту гледжання правілаў пераезду выйграе той, хто грунтоўна асталёўваецца на новым месцы. Тады і мову вучыць даводзіцца, і знаёмых заводзіць, і школу для дзіцяці шукаць. Таму лепш думаць так: «Я з’ехаў назаўжды, але калі надыдзе дзень, калі змагу вярнуцца, то зраблю гэта».
4. Навучыцеся заўважаць новыя магчымасці. Вядома, на чужыне ўсё здаецца не такім: людзі не такія ветлівыя, цэны вышэйшыя, а хот-догі на запраўках не такія смачныя. Аднак паспрабуйце не параўноўваць новую рэальнасць з тым, што было. Знайдзіце тое, што вам падыходзіць тут і цяпер. Бо ў іншых краінах нешта горшае, нешта лепшае, а нешта проста інакш.
5. Прызнайце страту ранейшай ідэнтыфікацыі. Усе эмігранты, якія страчваюць працу пасля міграцыі, страчваюць і частку ўласнай ідэнтычнасці. Вы былі паспяховым бізнесоўцам, прафесіяналам сваёй справы, а цяпер вам здаецца, што вы ніхто, «панаехалы». Але памятайце, што раз вы сталі спецыялістам у нейкай галіне і дамагліся поспеху, то зрабіць гэта зноў будзе прасцей, бо ў вас ёсць тое, чаго не было першы раз, — досвед.
6. Інтэгруйцеся ў новае грамадства. У многіх краінах цяпер існуюць вялікія дыяспары. Яны дапамагаюць палепшыць знаходжанне ў чужой краіне, знайсці роднасныя душы. Ёсць цэлая катэгорыя людзей, якія так назаўжды і «захрасаюць» — іх знаёмствы абмяжоўваюцца толькі ўдзельнікамі дыяспары, яны не вучаць новай мовы і не разумеюць чужой культуры. Таму важна разумець, што дыяспара не вырашае задач інтэграцыі ў грамадства, а толькі служыць нейкім сувязным звяном паміж вашым звыклым жыццём на радзіме і новым месцам пражывання.
7. Прыміце тое, што «як дома» не будзе. Не існуе краіны, у якой вы б адчувалі сябе гэтак жа камфортна. «Як дома» трэба ствараць. І чым раней вы пачняце гэта рабіць, тым хутчэй атрымаеце поспех.
Я мацней за ўсё адчуў сімптомы сіндрому Уліса нават не ў 2020 годзе, а пасля 24 лютага 2022-га. Менавіта пасля пачатку вайны ва Украіне зразумеў, што ўвесь гэты жах не скончыцца раптоўна, а я не змагу вярнуцца дадому яшчэ доўгі час.
Як і многія, адчуваў злосць і бяссілле. Асабістым спосабам справіцца з гэтымі пачуццямі было акрэсліць зону маёй адказнасці, усвядоміць, што я здольны рабіць у гэтай сітуацыі, і спрабаваць уплываць выключна на тое, што мне пад сілу змяніць.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.