У чэрвені 2023 года на паседжанні ПАСЕ дэпутат ад Ісландыі Торхільдур Суна Эварсдоцір заявіла, што ёй сорамна за тое, што яе краіна выкарыстала дыпламатычныя рычагі, каб выключыць з санкцыйных спісаў Аляксандра Машэнскага — уладальніка кампаній «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», давераную асобу Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010-га. Беларускі расследавальніцкі цэнтр разам з калегамі з літоўскага LRT і ісландскага Heimildin, а таксама пры падтрымцы «Кіберпартызан» і OCCRP разбіраліся ў тым, як уладкаваныя кампаніі беларускага бізнесоўца і чаму яны не тое, чым могуць падацца на першы погляд. Мы пераказваем гэты тэкст са скарачэннямі.
Кампаніі ў афшорах
Прадпрыемства «Санта Брэмар», вядомае рыбнай прадукцыяй, з’явілася ў 1998 годзе. Яго заснаваў былы кіраўнік канструктарскага бюро Брэсцкага электрамеханічнага завода Міхаіл Машэнскі. У 2000 годзе ён памёр, і бізнес перайшоў сыну Аляксандру.
«Санта Брэмар» пазіцыянуе сябе як беларуска-германскае прадпрыемства, што мае на ўвазе замежныя інвестыцыі ў праект. На першы погляд так і ёсць. Паводле афіцыйных звестак, асноўную долю ў кампаніі кантралюе Аляксандр Машэнскі: 50% — наўпрост, яшчэ 15% — праз падкантрольную беларускую фірму «Санта-Сэрвіс». Астатнія 35% «Санта Брэмар» належаць нямецкай фірме Bre Meer GmbH. Дзякуючы партнёрам з OCCRP расследавальнікі даведаліся, што каранямі гэтая кампанія ідзе ў афшорныя юрысдыкцыі.




З 2014 да 2018 года нямецкая Bre Meer GmbH належала фірме Alpha Mar Foundation, зарэгістраванай на Сейшэльскіх астравах.
Гэтая юрысдыкцыя — класічны афшор з кепскай рэпутацыяй, дзе практычна не плацяць падаткі. Бенефіцыярам сейшэльскай Alpha Mar Foundation у той час быў Аляксандр Машэнскі. Пра гэта расследавальнікам стала вядома са справаздачаў кіпрскай фірмы Alpha Mar Limited, якая кантралявалася сейшэльскім афшорам. То-бок Bre Meer GmbH кіраваў ён сам, а не нейкі нямецкі партнёр.
У 2018 годзе ў Bre Meer GmbH змяніўся ўладальнік. Месца сейшэльскай фірмы Alpha Mar Foundation заняла кампанія Santa International Foundation, якая знаходзіцца на востраве Джэрсі.
Гэтая брытанская юрысдыкцыя таксама лічыцца афшорнай і не раскрывае ўладальнікаў зарэгістраваных там кампаній. Але расследавальнікі знайшлі сувязі фірмы з Джэрсі з кіпрскай кампаніяй Newride Services Limited. Ёю валодае дачка Аляксандра Машэнскага — Яна.
Для чаго бізнесоўцы ствараюць кампаніі ў афшорных зонах, тлумачыць аўдытар Абдулвахед Алабалі: «Афшорныя кампаніі часам могуць выкарыстоўвацца ў незаконных мэтах, такіх як ухіленне ад выплаты падаткаў, адмыванне грошай ці іншыя фінансавыя злачынствы. Афшорныя юрысдыкцыі часта ствараюць спрыяльнае асяроддзе для такой дзейнасці дзякуючы некалькім фактарам: сакрэтнасць і канфідэнцыйнасць, нізкія або нулявыя падаткі, складаныя карпаратыўныя структуры, слабае рэгуляванне і правапрымяненне, банкаўская таямніца».
У сваім расследаванні БРЦ не сцвярджае, што Аляксандр Машэнскі замяшаны ў нейкіх фінансавых злачынствах, аднак лічыць, што наяўнасць кампаній у афшорных юрысдыкцыя — падстава прыгледзецца да яго бізнэсу.
Крэдытны ўлоў
БРЦ вывучыў і схему працы «Санта Брэмар». Рыбную сыравіну для вытворчасці кампанія закупляе ў Нарвегіі, Ісландыі (з 2006 года Аляксандр Машэнскі — ганаровы консул гэтай краіны ў Беларусі), Паўднёвай Амерыцы і Азіі. Дастаўляюць груз праз порт у Клайпедзе. Для гэтага ў 2016 годзе «Санта Брэмар» заснавала ў Літве даччыную кампанію Santa Trade. Гэтая фірма імпартуе рыбу ў Літву і потым перапрадае яе ў Беларусь мацярынскай кампаніі «Санта Брэмар». Пры гэтым у Santa Trade працуе ўсяго тры чалавекі, вынікае са справаздачаў кампаніі, якія атрымалі расследавальнікі.
У 2016 годзе Santa Trade узяла крэдыт у брытанскай фірмы Max Credit Investment Limited — «для ажыццяўлення тэрміновых плацяжоў і задавальнення патрэбы ў абаротных сродках». Першапачатковыя ўмовы ўгоды: больш за € 28 млн пад 2% гадавых. У 2017 годзе памер крэдыту павялічылі да € 37,6 млн, але працэнтная стаўка засталася ранейшай — 2%, што значна ніжэй за рынкавыя ўмовы ў Вялікабрытаніі і ЕС: звычайна яны перавышаюць 4% гадавых, сцвярджае аўдытар Абдулвахед Алабалі.
Са справаздач Max Credit Investment Limited вынікае, што ў 2016 і 2017 гадах яе мацярынскай кампаніяй была тая самая сейшэльскія фірма Alpha Mar Foundation. Але сувязі паміж імі былі наладжаныя яшчэ раней.
З тых жа дакументаў БРЦ даведаўся, што па стане на 2014 год Max Credit Investment Limited мела больш за $ 170 млн пазык ад усё той жа сейшэльскай Alpha Mar Foundation, бенефіцыярам якой на той момант быў Аляксандр Машэнскі. Атрымліваецца, адна кампанія бізнесоўца выдавала крэдыты іншай, прычым па заніжанай стаўцы.
«Спагнанне празмерна высокіх ці нізкіх працэнтных ставак па ўнутрыфірмовых пазыках можа быць спробай маніпуляваць падаткаабкладальным прыбыткам уцягнутых кампаній, што прыводзіць да ўхілення ад выплаты падаткаў або іншых фінансавых парушэнняў», — расказаў БРЦ аўдытар Абдулвахед Алабалі.
На Балтыйскім беразе
У Літве, дзе зарэгістраваная Santa Trade, браць крэдыт ад звязанай кампаніі дазволена, але памер пазыкі не мусіць перавышаць уласнага капіталу фірмы больш чым у чатыры разы. Такі закон прынялі, каб бізнесы не заніжалі падатковую нагрузку. Расследавальнікі праверылі, ці выконвае яго Santa Trade, вывучыўшы справаздачы кампаніі. Уласны капітал фірмы ў 2016 годзе, калі яна атрымала крэдыт, быў адмоўны — каля € 1 млн.
У літоўскай падатковай патлумачылі, што адмоўны капітал можа ўзнікаць з розных прычын, але сам па сабе не значыць, што кампанія ўхіляецца ад выплаты падаткаў. Калі арганізацыя мае падатковую страту цягам некалькіх гадоў, інспектары могуць сумнявацца, ці была яна створаная для атрымання эканамічнай выгады.
«Бываюць сітуацыі, калі высвятляецца, што кампанія штучна нясе толькі падатковыя страты за бесперапынны перыяд, якія неабгрунтавана падлягаюць выліку ў адпаведнасці з законам пра падаходны падатак, або што дзейнасць кампаніі супярэчыць эканамічнай логіцы (напрыклад, была штучна ўключана ў групу кампаній). Гэта можа прывесці да даналічэння падатку на прыбытак», — патлумачыла Рута Асадаўскайтэ, начальніца аддзела камунікацый Падатковай адміністрацыі Літвы.
У 2020 годзе ў Max Credit Investment змяніўся ўладальнік, і на паперы кампанія страціла сувязь з Машэнскім. Новым бенефіцыярам брытанскай фірмы стаў ісландскі спецыяліст па кіраванні актывамі Карл Конрадсан, які працуе з ёй 15 гадоў. Паводле інфармацыі крыніцы БРЦ, Машэнскі ведае Конрадсана асабіста.
У 2022 годзе Santa Trade вярнула крэдыт Max Credit Investment. За пяць гадоў па гэтай пазыцы яна выплаціла каля € 3,6 млн працэнтаў.
З моманту заснавання і да гэтага часу Santa Trade працуе з адмоўным капіталам, але не банкрутуе за кошт пазыкі ад брытанскай фірмы.
Такім чынам, Аляксандр Машэнскі валодае рыбным бізнесам у Беларусі часткова наўпрост, а часткова праз афшоры. Нарвежская і ісландская рыба трапляе ў Беларусь праз заснаваную «Санта Брэмар» у Літве кампанію, якая існуе за кошт пазык ад тых жа афшораў, звязаных з Машэнскім. Расследавальнікі лічаць, што ўгоды паміж фірмамі падобныя да крэдытнай каруселі з прыкметамі заніжэння падаткаў.
Чытайце таксама